У Іспаніі кіраўніка футбольнай федэрацыі судзяць за пацалунак — #ІхНоравы

У іспанскім футболе вырашаюць сексуальны скандал

У іспанскім футболе вырашаюць сексуальны скандал / @rubanau_collage

Мінулагодняя перамога Іспаніі на жаночым чэмпіянаце свету па футболе азмрочылася чарговым скандалам пра харасмэнт у спорце. У Тайландзе людзей пакараюць за тое, што каталі льва на “Бэнтлі”. А ў Каліфорніі бяздомныя выкапалі сабе падземны горад. Пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Іспанскага футбольнага менеджара будуць судзіць за пацалунак

Луіс Рубіялес, былы футбольны трэнер іспанскай сборнай і кіраўнік Каралеўскай футбольнай федэрацыі, адкажа перад судом за пацалунак, што здарыўся на чэмпіянаце свету. Ён выклікаў цэлы скандал і справакаваў шырокамаштабныя дэбаты аб сэксізме ў іспанскім жаночым футболе, піша The New York Times.

А справа ў тым, што пацалунак трэнера ў адрас футбалісткі Джэніфер Эрмоса, які адбыўся падчас цырымоніі ўзнагароджання жаночага чэмпіянату свету па футболе ў аўстралійскім Сіднэі мінулым летам, расцанілі як сексуальны гвалт. Бо ён здарыўся “без згоды і быў аднабаковым і нечаканым актам", заключыў суд на папярэднім слуханні. Гэта адбылося на подыўме, калі Іспанія святкавала перамогу над Англіяй, стаўшы чэмпіёнкай свету па жаночым футболе.

У Іспаніі кіраўніка футбольнай федэрацыі судзяць за пацалунак — #ІхНоравы
Эмацыйнасць іспанца вылазіць яму бокам / Ханна Макей, Reuters

Суд праглядзеў відэа інцыдэнта і будзе ацэньваць таксама і “магчымую эратычную мэту, стан эйфарыі і ўзрушанасці з прычыны надзвычайнага спартовага трыумфу”.

Рубіялесу за гэты пацалунак пагражае турэмнае зняволенне на тэрмін ад аднаго да чатырох гадоў.

У Тайландзе пакараюць жанчыну, льва якой каталі на “Бэнтлі”

Ільвяня сядзела на заднім сядзенні белага “Бэнтлі” з адкрытым верхам. Яго па вуліцах Патаі вазіў мужчына са Шры-Ланкі — як мяркуецца, сябра гаспадыні хатняга льва. Людзі сфатаграфавалі гэта — і паліцыя распачала праверку.

У Тайландзе законам дазваляецца трымаць ільвоў дома, іх трэба толькі зарэгістраваць. Мужчына сцвярджаў паліцыі, што купіў жывёлу ў іншай правінцыі і вёз льва ў Патаю. Але выявілася, што дазволу на льва не было ні ў былога гаспадара, ні ў новай гаспадыні. Таму паліцыя палічыла перадачу і валоданне львом незаконнымі. 

У Іспаніі кіраўніка футбольнай федэрацыі судзяць за пацалунак — #ІхНоравы
Малады леў на "Бэнтлі" прыцягнуў увагу мясцовых жыхароў / скрыншот відэа, ВВС

За гэта прадугледжваецца пакаранне. Жанчыне пагражае пазбаўленне волі на год і штраф у памеры 2800 долараў ЗША. Мужчыне, што катаў драпежніка на “Бэнтлі” – зняволенне на тэрмін да паўгода і штраф 1400 долараў, але ён з’ехаў з Тайланда. Былому гаспадару таксама прад’явяць абвінавачанні.

Чыноўнікі гавораць, што цяпер у Тайландзе 224 львы знаходзяцца ў законнай уласнасці, піша ВВС.

У Каліфорніі знайшлі чарговы падземны горад для бяздомных

Пячоры глыбінёй да 6 метраў ніжэй за ўзровень вуліцы, выкапаныя паблізу ракі, выявілі ў горадзе Мадэста ў Каліфорніі. У пячорах былі цалкам абсталяваныя земляныя кватэры — з мэбляй, рэчамі, смеццем, пліткай на падлозе, фрэскамі на сценах і нават імправізаваным камінам з дымаходам. Ну і таксама там знайшлі наркотыі і зброю.

Праблема бадзяжніцтва вельмі востра стаіць у гэтым горадзе, але праблема ў тым, што менавіта гэтыя пячоры ўяўляюць небяспеку. Не толькі для яе насельнікаў, але і для жыхароў горада. Бо ў любы момант яны папросту могуць абваліцца ў раку.

У Іспаніі кіраўніка футбольнай федэрацыі судзяць за пацалунак — #ІхНоравы
Паліцыя знайшла восем такіх пячор на беразе ракі / Modesto Police Department

Мясцовая жыхарка ў размове з журналістам Daily Mail сказала, што ўлады павінны больш увагі надаваць бяздомным. Бо той факт, што яны ўжо селяцца ў пячорах — гэта знак адчаю.

"Ужо ясна, што людзі будуць іх выкопваць зноў, таму я не думаю, што запаўненне іх якім-небудзь матэрыялам спрацуе. У нас сапраўды няма разумення, як вырашыць гэтую праблему", — разважае валанцёр, што дапамагае бяздомным.

Па падліках мінулага года, у Каліфорніі жыве каля траціны ўсіх бяздомных у ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі