У Качанавай абмеркавалі стварэнне і дзейнасць палітычных партый у Беларусі
У Савеце Рэспублікі прайшла нарада экспертнага савета, якой кіравала старшыня Наталля Качанава. "На парадку дня — удасканаленне падыходаў да пытанняў стварэння і дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў", — піша прэс-служба СР.
Гаворка ішла пра мінімальную колькасць членаў партыі, узроставы цэнз для яе заснавальнікаў, перыядычнасць абрання кіраўнічага органа, стварэнне арганізацыйных структур у сталіцы і абласных цэнтрах. Абмяркоўвалася і "устанаўленне патрабаванняў па ліквідацыі партый у выпадку атрымання імі грашовых сродкаў ці іншай маёмасці з замежных крыніц" (летась забаранілі атрыманне партыямі бязвыплатнай дапамогі з-за мяжы).
У Беларусі зарэгістраваныя паўтара дзясятка партый. Апазіцыйныя структуры знаходзяцца пад ціскам з боку ўладаў. Ім выносяцца папярэджанні, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў тры месяцы правёў пад арыштам, а старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва з мінулага года трымаюць за кратамі і яго чакае суд.
Яшчэ вясной 2021-га на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі абмеркавалі перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый. Новыя партыі, нават прарасійскія, у нашай краіне даўно не рэгіструюцца. Аднак нядаўна Лукашэнка анансаваў "істотныя крокі" па "партыйным будаўніцтве". У "антыдзяржаўных" партый ён будучыні не бачыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.