У ХАМАС кажуць, што блізкія да заключэння перамір'я з Ізраілем
Ізраільскія вайскоўцы транспартуюць затрыманых па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ХАМАС /
Палестынская групоўка ХАМАС блізкая да пагаднення аб перамір'і з Ізраілем, піша Reuters са спасылкай на заяву кіраўніка ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Пасярэднікам у гэтых перамовах паміж баевікамі і Ізраілем выступае Катар. Бакі спрабуюць дамовіцца аб дастаўцы дапамогі ў Газу і абмене ізраільскіх закладнікаў, якіх захапіў ХАМАС, на палестынскіх зняволеных у Ізраілі. Пра гэта прадстаўнік баевікоў распавёў у эфіры тэлеканала "Аль-Джазіра". Але падрабязнасці яшчэ павінен абвясціць Катар.
Нагадаем, ХАМАС захапіў блізу 240 закладнікаў падчас свайго нападу на Ізраіль 7 кастрычніка. Прэзідэнт Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) Мір'яна Спалярыч у панядзелак сустрэлася з Ханіяй у Катары.
Reuters адзначае, што размовы аб будучай угодзе з закладнікамі ходзяць некалькі дзён. Катарскія пасярэднікі дамагаюцца пагаднення для ХАМАСА і Ізраіля аб абмене 50 закладнікаў ў абмен на трохдзённае спыненне агню. Палестынскія баевікі просяць час, каб павялічыць пастаўкі дапамогі жыхарам Газы. Але нягледзячы на гэтыя размовы, баявыя дзеянні працягваюцца. У панядзелак ХАМАС паведаміў у сваім акаўнце ў Telegram, што выпусціў шквал ракет па Тэль-Авіве. Працягваюцца і абстрэлы сектара Газа ізраільскімі вайскоўцамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.