"Народ хоча помсты". Беларус з Ізраіля — пра напад, узаемадапамогу і перамогу

За 48 гадзін ва ўзброеныя сілы Ізраіля (ЦАХАЛ) прызвалі 300 000 рэзервістаў.

За 48 гадзін ва ўзброеныя сілы Ізраіля (ЦАХАЛ) прызвалі 300 000 рэзервістаў. / Илана Куриэль, www.vesty.co.il

Грамадзяне краіны крытыкуюць улады за тое, што тыя дапусцілі напад тэрарыстаў ХАМАС, але пры гэтым строга выконваюць усе рэкамендацыі і спадзяюцца на рэванш. Еўрарадыё паразмаўляла пра гэта з беларускім актывістам у Ізраілі.

Барыс Сухадрэў жыве ў Ізраілі ўжо 33 гады. Ён працуе як фрылансер, відэааператар — супрацоўнічае з тэлеканалам "Белсат", а вольны час прысвячае беларускай дыяспары і разам з Аляксандрам Фруманам развівае народную амбасаду ў Ізраілі.

Да ваенных дзеянняў у краіне ў Барыса ўжо выпрацаваўся імунітэт. І ўсё ж тое, што здарылася 7 кастрычніка, калі тэрарыстычная палестынская арганізацыя ХАМАС уварвалася ў Ізраіль, абстраляла ракетамі гарады, а ў некаторых паселішчах зладзіла сапраўдную разню, выклікала ў яго шок.

Мне прыходзяць словы падтрымкі з Беларусі, з Украіны, пытаюцца, як справы. Хоць гэта нават абсурдна трошкі, калі цябе падтрымліваюць з Украіны, — кажа Барыс Сухадрэў.

Ён жыве ў горадзе Хадэр, гэта на поўначы краіны, на паўдарозе паміж Хайфай і Тэль-Авівам. Туды палестынскія ракеты не далятаюць, але гэта не значыць, што рэгіён жыве спакойна. Усе сочаць за навінамі і стратамі ў гарадах на поўдні краіны, блізка да сектара Газа, дзе не спыняюцца абстрэлы.

Ашкелон, Ашдод, Рышон Ле-Цыён, Халон пастаянна зазнаюць удары з сектара Газа. Жыць там нармальна немагчыма. Самы цяжкі горад — Сдэрот, які зазнаў напад у першы ж дзень. Туды праніклі тэрарысты, захапілі паліцэйскі ўчастак. Там загінула шмат паліцэйскіх. У населеных пунктах каля Газы велізарная колькасць пацярпелых і забітых. Там бралі закладнікаў і забівалі ўсіх запар. Толькі ў кібуцы Баэры застрэлілі 100 чалавек. Яшчэ 50 чалавек было ў закладніках, але іх вызвалілі. А на транс-фестывалі ў Рэіме — там проста зладзілі бойню, — дзеліцца навінамі беларус.

Адчуванне вайны ёсць і ў Хадэры. На вуліцах стала менш машын і людзей — улады рэкамендавалі абмежаваць перамяшчэнні і не збірацца нават невялікімі кампаніямі.

Не працуюць школы, у гарадах стала больш сіл бяспекі, з'явіліся блокпасты — там проста глядзяць, хто знаходзіцца ў машыне, пры гэтым абмежаванняў на перамяшчэнне па краіне няма. Як і каменданцкай гадзіны.

Пэўны дэфіцыт назіраецца ў супермаркетах, але гэта больш звязана з учорашнім рашэннем службы тылу, што ўсё ж трэба запасіцца на 72 гадзіны. Трэба, каб былі сухія прадукты, батарэйкі, ліхтарыкі ў нашым мамада. Мамад — гэта абаронены пакой, як бамбасховішча, у кожнай ізраільскай кватэры такі ёсць. Я з вамі таксама размаўляю з мамада. У мяне тут звычайны жылы пакой, але што яго адрознівае — жалезнае акно і наяўнасць ачышчальніка паветра на выпадак хімічнай атакі, — працягвае Барыс Сухадрэў.

У Ізраілі за некалькі дзён актывізавалася валанцёрская дзейнасць. Ёсць і прыватныя, і муніцыпальныя ініцыятывы па зборы прадуктаў харчавання і рэчаў першай неабходнасці — і для жыхароў поўдня, і для салдат ЦАХАЛа (войска Ізраіля). 

“Народ хочет мести”. Белорус из Израиля — о нападении, взаимопомощи и победе
Наступствы ракетнага абстрэлу Сдэрота / Global Look Press

— Прызвалі у адзін момант 300 тысяч чалавек, і вырашыць у адзін дзень усе лагістычныя пытанні вельмі цяжка, можа нечага не хапаць. А народ Ізраіля войска падтрымлівае. У пунктах прыёму крыві стаяць чэргі. У маім пад'ездзе літаральна ўчора прынялі бедную рэлігійную сям'ю з Ашкелона.

Яны пасяліліся ў так званым клубе жыхароў — у нас на першым паверсе ёсць такое памяшканне, дзе мы збіраемся абмеркаваць пытанні нашага пад'езда. Там ёсць тэлевізар, душавая, туалет, таму там можна было размясціць сям'ю. Жыхары дома скінуліся на ежу, прынеслі матрацы. Дапамагаем як можам, прыводзіць прыклад Барыс.

“У дэмакратычным ладзе армія асобна ад урада”

Экспэрты ўсё больш кажуць пра тое, што такое маштабнае і кровапралітнае абвастрэнне палестына-ізраільскага канфлікту зрабілася магчымым праз тое, што ўлады недаацанілі патэнцыял ХАМАС. Альбо разведка не спрацавала як трэба.

— Але народ Ізраіля давярае ўраду нават пасля такога промаху?

Народ хоча помсты, і варта разумець, што ўсе хочуць дэмілітарызацыі арганізацыі ХАМАС, акупацыі Газы і звяржэння гэтага тэрарыстычнага рэжыму. Нейкі рэванш урад павінен будзе ўзяць.

Але важна, што ў нас урад і дзейныя органы — не зусім адно і тое ж. У дэмакратычным ладзе войска — гэта войска, а прэзідэнт — гэта прэзідэнт, у нашым выпадку — прэм'ер-міністр. Людзі спадзяюцца на прафесіяналізм войска, на дапамогу, якая з тылу будзе прыходзіць.

“Народ хочет мести”. Белорус из Израиля — о нападении, взаимопомощи и победе
Урад Беньяміна Нетаньяху мог дапусціць памылкі, але вінаватага будуць шукаць пасля таго, як скончацца ракетныя абстрэлы / Marc Israel Sellem, The Jerusalem Post

Тым больш што гэта ўжо не першая вайна ў Ізраілі і далёка не першая аперацыя з Газай. Тое, што цяпер адбылося, параўноўваюць з вайной Суднага дня, таму што такога правалу з тых часоў не было. 

Цяпер у медыях чуецца ўсё больш галасоў незадаволенасці тым, што адбываецца, спрабуюць зразумець, як гэта ўсё адбылося, але не асабліва спрабуюць знайсці вінаватых у гэтай сітуацыі.

Таму што ідзе вайна, і з гэтым трэба будзе разбірацца пасля. Але ўсе вераць у перамогу, нягледзячы ні на што.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі