У кіберсквотараў забяруць прыгожыя дамены?
Вы ведаеце такія сайты, як muzyka.by, cash.by ці man.by? Сайтаў няма, а ўладальнікі ў гэтых даменаў ёсць. І такіх даменаў у зоне .by вельмі шмат.
Але з 20 жніўня ў Беларусі пачынае дзейнічаць новая інструкцыя па рэгістрацыі даменных імёнаў. Згодна з адным з пунктаў, дамен можа быць выключаны з рэестра і выстаўлены на дабрачынны аўкцыён, калі яго ўладальнік яго не выкарыстоўвае.
"Там прапісана, што дамены, якія не выкарыстоўваюцца і не служаць для адрасацыі сайтаў, будуць выключаныя з рэестра. Але пэўных тэрмінаў няма. Калі казаць простай мовай, гэта адбор дамена", — распавядае Еўрарадыё дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў.
Далей дамен трапляе на дабрачынны аўкцыён. Атрымоўваецца замкнёнае кола, бо чалавек можа свой жа дамен набыць аўкцыёне.
Цяпер усё дамены, у якіх сканчаецца тэрмін рэгістрацыі і яго не аплачваюць на працягу 30 дзён, трапляюць на гэтыя аўкцыёны. Раней яны ішлі на продаж, такіх даменаў штомесяц з'яўляецца тысячы.
Але ёсць шмат адрасоў, якія маюць уладальнікаў, але ніякіх вядомых беларускіх сайтаў на іх няма. Мы не будзем прыводзіць цалкам спіс, вось толькі некаторыя:
100.by, cash.by, cat.by, air.by, big.by, muzyka.by, cash.by, man.by, 007.by, aa.by, cd.by, audio.by
Вялікі спіс прыгожых даменаў доўгі час не быў даступны для рэгістрацыі. Але летам 2011 года яны раптам з'явіліся ў доступе, іх пачалі актыўна скупляць. Гэта адбылося акурат незадоўга да таго, як у Беларусі змяніўся тэхнічны адміністратар зоны .by — на той момант ім быў "Адкрыты кантакт", цяпер гэта "Надзейныя праграмы".
Няўжо цяпер дамены, якія былі захопленыя кіберсквотарамі, могуць з'явіцца на аўкцыёне?
"Як мне падаецца, гэты пункт не будзе працаваць, — кажа Сяргей Павалішаў. — Трэба яшчэ даказаць, што дамен не выкарыстоўваецца. Зноў жа, што лічыць невыкарыстоўваннем дамена? З аднаго боку, у інструкцыі сказана, што дамен служыць для адрасацыі сайтаў, а з іншага боку — калі яго выкарыстоўваюць для паштовай службы? Дамен можа выкарыстоўвацца ў якасці сервера, а сайта там можа не быць".
Ніхто не перашкаджае кіберсквотарам зрабіць мінісайты з адной старонкі і заняць гэтыя дамены. Такое паказальнае выкарыстанне ўжо зрабілі на даменах 100.by, cash.by, cat.by, air.by, big.by. Аднолькавы сайт з адной старонкай і абвестка аб тым, што дамен прадаецца.
Дарэчы, паводле новых правілаў, калі дамен два разы трапляе на аўкцыён і яго ніхто не купляе, ён з'яўляецца ў свабодным продажы. Таксама цяпер дамен можна набыць на 2 гады — раней толькі на год, а працягнуць рэгістрацыю можна за паўгода, а не за месяц да канца тэрміна.