У Кіеве абверглі словы Пуціна пра акружэнне 2000 украінцаў у Курскай вобласці
Украінскія вайскоўцы ў Суджы ў Курскай вобласці
У Кіеве абверглі словы Уладзіміра Пуціна пра акружэнне 2000 украінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. "Гэта відавочная дэзінфармацыя, якая не адлюстроўвае рэальную сітуацыю", — заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі. Яго 25 кастрычніка прымаў з дакладам украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Напярэдадні Пуцін у інтэрв'ю сваім прапагандыстам заявіў, што расійскім войскам удалося адрэзаць частку ўкраінскіх падраздзяленняў у Курскай вобласці ад мяжы, і "яны аказаліся заблакаваныя", "робяць спробы разблакавання". Паводле яго слоў, украінскае камандаванне нібыта страціла "стабільнае кіраванне" войскамі ў Курскай вобласці. Цікава, што нават у Расіі ў гэтыя словы Уладзіміра Пуціна многія не паверылі, пра што сведчаць абмеркаванні ў сацсетках.
"Украінскія войскі працягваюць актыўныя дзеянні на Курскім напрамку, трэці месяц запар знішчаючы баявы патэнцыял ворага", — напісаў Сырскі ў пятніцу ў сваім тг-канале.
Украінскія войскі ўтрымліваюць частку Курскай вобласці РФ з жніўня. Расійскія войскі намагаюцца вярнуць страчаныя пазіцыі і нясуць значныя страты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.