У Кіеве заблакаваны будынак кабінета міністраў, людзі ідуць да парламента

Раніцай у аўторак удзельнікі еўрамайдану заблакавалі рух на вуліцы Грушэўскага каля будынка, дзе працуе ўкраінскі ўрад. Апазіцыя такім чынам другі дзень запар спрабуе паралізаваць яго дзейнасць. Таксама сёння ў Вярхоўнай Радзе апазіцыйныя фракцыі паставяць пытанне аб даверу кабінету міністраў. Да парламента таксама падыходзяць удзельнікі акцый пратэсту. Як інфармуе УНІАН, там ужо знаходзяцца дзясяткі аўтобусаў з праваахоўнікамі. Напярэдадні распаўсюджваліся чуткі, што 3 снежня адбудзецца спроба захопу Вярхоўнай Рады. Спецназ не падпускае людзей да будынка парламента.



Паведамляецца, што ноч прайшла ў Кіеве спакойна. Ад моцнага, халоднага ветру і марозу (да 4 градусаў) сотні мітынгоўцаў хаваліся ў занятых будынках сталічнай мэрыі, дома прафсаюзаў і Кастрычніцкага палацу (яго захапілі напярэдадні).



Тым часам украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч ляціць на чатыры дні ў Кітай.

 

Нагадаем, ва Украіне працягваюцца масавыя акцыі пратэсту прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Яны пачаліся пасля таго, як украінскі ўрад напярэдадні віленскага саміта адклаў падпісанне дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. У ноч на 30 лістапада спецназ жорстка разагнаў еўрамайдан у цэнтры Кіева. У адказ на гэта ў нядзелю, 1 снежня, на вуліцы і плошчы выйшла да 500 тысяч чалавек, на плошчы Незалежнасці было адноўленае намётавае мястэчка.

Фота — ria.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі