У кожнай вобласці Беларусі: як на месцах уводзіцца каранцін, якога няма
Віцебск / vitvesti.by
Больш за 150 тысяч беларусаў падпісалі петыцыю на change.org з заклікам увесці ў краіне каранцін праз каранавірус. Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка пракаментаваў гэтую ідэю коратка: "Жэрці што будзем?" У Беларусі няма рэсурсаў для паўнавартаснага лакдаўну.
Катэгарычнасць кіраўніка дзяржавы не дазваляе ўвесці каранцін па ўсёй краіне. Аднак Еўрарадыё звярнула ўвагу, што многія мясцовыя органы ўлады ўжо зацвердзілі "абмежавальныя паўмеры" для сваіх рэгіёнаў. На сайтах рай- і гарвыканкамаў адзін за адным з'яўляюцца аднатыпныя дакументы са спісам мер, закліканых запаволіць распаўсюджванне COVID-19. Слова "каранцін" у іх не згадваецца. Даследуем геаграфію гэтага каранціну, якога няма.
Што за "мяккі каранцін”
Каранцін — гэта неабавязкова каменданцкая гадзіна і спыненне ўсіх прадпрыемстваў, як пра яго гаворыць Лукашэнка. Рэжым каранціну на тэрыторыі ўсёй краіны ўпаўнаважаны ўводзіць Саўмін — па прадстаўленні галоўнага санітарнага доктара. Пакуль што, нягледзячы на трохзначны прырост колькасці хворых у кожны з апошніх пяці дзён, гэтага не адбываецца. Але ўрад вынайшаў новае абмежавальнае мерапрыемства — самаізаляцыю, пастанову аб якой прэм'ер-міністр Сяргей Румас падпісаў 8 красавіка.
Аднак мясцовыя органы ўлады таксама маюць права прымаць меры для барацьбы з вірусам. Не каранцін — а абмежаванні або рэкамендацыі, якія яго вельмі нагадваюць. На цяперашні момант такія абмежаванні або рэкамендацыі, закліканыя запаволіць распаўсюджванне COVID-19, дзейнічаюць у абласных гарадах і як мінімум у 36 раёнах Беларусі.
Віцебская вобласць
Пачаўся "гібрыдны каранцін" у Віцебску. 27 сакавіка там быў зацверджаны "План дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19". Спіс з 21 пункта ўключае забарону на работу грамадскага харчавання і іншых боўлінгаў пасля 23:00, адмену выстаў, прэзентацый у зачыненых памяшканнях, забарону на наведванне інтэрнатаў і ўстаноў для пажылых людзей, дазвол не вадзіць дзяцей у дзіцячыя садкі і гэтак далей.
Аналагічныя дакументы прынялі Браслаўскі, Лепельскі, Полацкі, Аршанскі, Ушацкі, Докшыцкі, Лёзненскі райвыканкамы і Наваполацкі гарвыканкам.
Брэсцкая вобласць
Брэсцкі аблвыканкам зацвердзіў свае "мерапрыемствы па прафілактыцы". Там рэалізацыя тавараў толькі ў фасаваным выглядзе, выкарыстанне масак і пальчатак персаналам у выпадках цеснага кантакту з наведвальнікамі (касіры, прадаўцы і інш.), максімальнае выкарыстанне плацежных тэрміналаў пры разліку за тавары і паслугі.
Аналагічныя меры зацвердзілі ў некаторых раёнах. Напрыклад, у Баранавічах абмежаванні датычацца спартыўных і культурных мерапрыемстваў, выездаў супрацоўнікаў у камандзіроўкі, работы спартыўных залаў. Бацькам таксама дазволілі не пускаць дзяцей у дзіцячыя садкі і школы.
Гродзенская вобласць
Свой супрацьвірусны план 1 красавіка зацвердзіў і Гродзенскі гарвыканкам. Сярод захадаў — забарона на дыскатэкі, абмежаванні ў рабоце фітнес-залаў, чытальных залаў бібліятэк. Забараняецца прадаваць талончыкі ў транспарце. ВНУ рэкамендавана "скарэктаваць лекцыйныя заняткі і выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў".
Асобна стаіць Астравецкі раён, дзе план па мінімізацыі рызыкі завозу і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 складаецца аж з 52 пунктаў. Тут прапануецца "ўнесці прапановы аб змене рэжыму працоўнага часу (перанос пачатку працоўнага дня, работа ў аддаленым рэжыме і іншае) у мэтах папярэджання масавага збору людзей". Астравецкі РАУС ужо забяспечвае кантроль выканання тымі, хто прыбывае (каго дастаўляюць) з замежных краін, рэжыму самаізаляцыі.
Дзейнічаюць планы абмежавальных мерапрыемстваў таксама ў Лідскім, Карэліцкім, Шчучынскім, Воранаўскім раёнах.
Магілёўская вобласць
У Магілёве ўведзеныя прыблізна такія ж абмежаванні, што і ў іншых абласцях. З 3 красавіка свой план ёсць у Бабруйску — мы заўважылі слова "каранцін" у гіперспасылцы, якая вядзе на дакумент. Акрамя стандартных прафілактычных захадаў — Бабруйская цэнтральная бальніца пачала разам з міліцыяй сачыць, як грамадзяне выконваюць рэжым самаізаляцыі.
Гомельская вобласць
У Гомелі дакумент "аб прыняцці мер" зацвердзілі 2 красавіка. На сайтах райвыканкамаў дакументаў аб абмежавальных мерах у адкрытым доступе пакуль што няма.
Мінск і Мінская вобласць
У сталіцы план па барацьбе з каранавірусам зацвердзілі 7 красавіка. У адрозненне ад рэгіёнаў меры носяць не рэкамендацыйны, а абавязковы характар.
Аналагічныя дакументы прынятыя ў Смалявіцкім і Маладзечанскім раёнах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.