У Крычаўскім раёне заробак сялянам выдаюць сенам і саломай
Шэраг гаспадарак раёна выдалі сваім працаўнікам частку заробку за верасень так званай натураплатай — збожжам, мясам, малаком і нават сенам ды саломай.
Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Таксама паведамляецца, што сельгаспрадпрыемствы гэтага раёна — УКСП “Добрасць”, СВК “Звязда-Агра” і СВК “Маляцічы” — парушылі тэрміны выплаты заробкаў, прадугледжаныя калектыўнымі дамовамі.
Як піша незалежная крычаўская газета “Вольны горад” (№46 ад 24 лістапада 2013 года), разлічвацца з сялянамі ў выглядзе натуральнай аплаты параілі кіраўнікам гаспадарак на адной з нарадаў у Крычаўскім райвыканкаме. У нарадзе прымаў удзел і старшыня выканкаму Васіль Сысоеў.
Журналіст газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій адзначае, што выплата заробку натураплатай можа быць толькі тады, калі гэта прадугледжана калектыўнай дамовай адміністрацыі прадпрыемства і прафсаюзнага камітэта. Акрамя таго, кожны працаўнік прадпрыемства, які хоча змяніць форму аплаты з грашовай на натураплату, павінен накіраваць заяву на імя кіраўніка гаспадаркі, што ён робіць гэта добраахвотна, а не пад прымусам. Калі такой заявы няма альбо яна падробленая, кажа журналіст, то за гэта кіраўніцтва гаспадарак можна прыцягнуць да адказнасці.
Фота — b-doka.ru