У Латвіі прапануюць забараніць турпаездкі ў Беларусь

Мяжа Латвіі, ілюстрацыйнае фота

Мяжа Латвіі, ілюстрацыйнае фота / worldatlas.com

Турфірмам Латвіі плануюць забараніць арганізоўваць турпаездкі ў Беларусь і Расію. Адпаведныя папраўкі ў Закон "Аб турызме" ўнесла парламенцкая фракцыя "Новае адзінства". У гэтае партыйнае аб'яднанне ўваходзіць і прэм'ер-міністр Эвіка Сіліня.

Ініцыятары заяўляюць, што хочуць знізіць рызыкі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да грамадзян Латвіі, а таксама прадухіліць іх вярбоўку, піша Delfi.lv.

Забарона турпаездак у Беларусь і Расію будзе рэалізоўвацца як частка ўжо ўведзеных міжнародных санкцый супраць гэтых краін. "Паездкі ў Расію і Беларусь цяпер з'яўляюцца пытаннем бяспекі, якое стварае праблемы як для саміх турыстаў, так і для нашых службаў. Мы не можам дапусціць, каб тураператары працягвалі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і нашы грамадзяне ў поўных аўтобусах ехалі ў краіны, якія не саромеюцца заяўляць аб жаданні акупаваць Латвію", — заявіў дэпутат Сейма ад "Новага адзінства" Гаціс Ліепіньш.

Паводле яго, летась у РФ і РБ былі арыштаваныя больш за 30 грамадзян Латвіі.

У дакладзе Службы дзяржаўнай бяспекі за 2024 год адзначаецца, што колькасць падарожнікаў, якія паехалі ў Расію ў 2024 годзе, вырасла ўдвая ў параўнанні з 2023-м. Штомесяц летась у Расію адпраўляліся ў сярэднім амаль 2000 грамадзян Латвіі. І гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі Службы дзяржбяспекі і Міністэрства замежных спраў не ехаць у Расію. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.