У Літве ў грузавіку беларуса знайшлі кантрабандныя цыгарэты на 267 тысяч еўра
У Літве ў грузавіку беларуса знайшлі кантрабандныя цыгарэты на 267 тысяч еўра. Ён паспяхова заехаў у краіну, але ў Друскінінкаі прыцягнуў да сябе ўвагу і быў вернуты на мяжу, дзе схованку знайшлі.
Як паведамляе lrmuitine.lt, грузавік Daf быў прыпаркаваны на адной з вуліц у Друскінінкаі. Кіроўца-грамадзянін Беларусі патлумачыў, што машына няспраўная і збіраецца яе адрамантаваць у аўтасервісе (апошняга побач не было). Мужчына заявіў, што заехаў у Літву пустым і накіроўваўся ў Вільню, каб забраць груз. Літоўскія сілавікі праверылі грузавік і няспраўнасці не заўважылі. Ім падалося падазроным, што груз трэба было забіраць у нядзелю, а беларус прыехаў у пятніцу.
Daf вярнулі на мяжу, дзе праверылі сістэмай рэнтгенаўскага кантролю і знайшлі схованку ў падлозе паўпрычэпа. Ён быў поўны кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці (75 тысяч пачкаў Minsk Super Slims). Праўда, каб дабрацца да іх, давялося выклікаць ратавальнікаў.
Грузавік затрыманы, а кіроўцу адпусцілі пасля допыту і дачы пісьмовага абавязання аб нявыездзе.
Кантрабанду цыгарэт з Беларусі ў Літве, як і летась, працягваюць выяўляць у грузавіках. Таксама іх сплаўляюць па рэках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.