У Літве выпрацавалі план, як блакаваць электраэнергію з БелАЭС

У Літве выпрацавалі план, як блакаваць электраэнергію з БелАЭС

У Літве выпрацавалі план па блакаванні электраэнергіі з Беларускай АЭС, паведамляе ru.delfi.lt. Яго распрацоўкай займалася Міністэрства энергетыкі гэтай краіны. На мінулым тыдні праект плана быў унесены ў парламент.

Літоўскія ўлады хочуць абмежаваць каналы праходжання электраэнергіі з Беларуссю і браць плату за электраэнергію з яе. Таксама прапануецца забараніць Круаніскай гідраакумуліруючай электрастанцыі (ГАЭС) прадастаўляць паслугі Беларусі. 

Сярод мераў, якія прапануюцца ў плане, — дамовіцца да другога квартала 2018 года з Латвіяй і Эстоніяй аб спагнанні платы з Беларусі і Расіі за электраэнергію, калі гэта ўхваліць Еўракамісія. Да першага квартала 2019 года Літва плануе дамовіцца з сумежнымі дзяржавамі наконт абмежавання імпарту электраэнергіі з БелАЭС.

Беларусь яшчэ ў 2015 годзе звярталася да Літвы з просьбай карыстацца паслугамі Круаніскай ГАЭС. Тады Літва адказала, што такой магчымасці няма.

Сёлета ў чэрвені літоўскі парламент заканадаўча зацвердзіў, што Беларуская АЭС з'яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы і экалогіі Літвы, здароўю людзей. Літва заклікае іншыя краіны рэгіёну падтрымаць байкот электраэнергіі з гэтай станцыі, якую яна лічыць небяспечнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі