У Магілёве актыўна дэмантуюць калонкі — жыхары супраць (фота)
У Магілёве працягваецца актыўны дэмантаж калонак. У канцы мінулага тыдня ён дакаціўся да вуліцы Лакамабільнай, што на ўскрайку горада каля самага Дняпра.
Сітуацыю са зносам калонкі каментуе жыхарка гэтай вуліцы Іна Яўсеева, для якой з’яўленне экскаватара з будаўнікамі каля дома стала поўнай нечаканасцю:
“Знос калонак матывуюць тым, што гэта не ўлічаная вада і мы за яе не плацім. Нібы з гэтай калонкі ідзе велізарны расход вады. Пазіцыя гарводаканала: ва ўсіх ёсць водаправоды, і калонкі больш не патрэбныя. У нас на вуліцы прыбралі недзе тры-чатыры калонкі. Я не разумею, каму замінала нашая калонка. Для чаго гэта ўсё было зроблена? У нас вуліца прахадная. Шмат людзей прыязджае на Дняпро, гуляюць па лесе. Ідуць і прыпыняюцца вады папіць ці твар абмыць. Нават бывае, што зломіцца кран дома, перакрыеш трубу, а вады ўжо і набраць няма дзе! Трэба ехаць невядома куды!” — абураецца жанчына.
Вуліца, на якой жыве Іна Яўсеева, — гэта прыватны сектар. Далёка не ва ўсіх дамах ёсць водаправод. Як правіла, мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць калонкі як для паліву сваіх агародаў, так і для прыгатавання ежы і іншых патрэбаў. У сувязі з дэмантажам жанчына збіраецца пісаць скаргі на магілёўскіх чыноўнікаў.
Іншы жыхар, які таксама жыве у прыватным сектары, аднак ужо ў самым цэнтры Магілёва, Дзмітрый Люнтоў, таксама абураецца ініцыятыве чыноўнікаў:
“У нас мінулай восенню каля дома па Тупіковым завулку дэмантавалі калонку. З гэтай прычыны мы пісалі скаргі, бо нам вельмі патрэбная вада. Нам адказалі, што на суседніх вуліцах ёсць іншыя калонкі, то бярыце ваду там. Ведаю, што калонкі каля сярэдняй школы №9 цалкам прыбралі. Магчыма, таму, што там свая вада ёсць у кожнага. Казалі, што выйшаў такі закон, і неўзабаве дэмантуюць усе калонкі. Калонкі пакуль пакінулі толькі на тых вуліцах, дзе вада не праведзеная”.
Дзмітрый кажа, што раней яму па ваду даводзілася хадзіць 50 метраў, цяпер удвая больш. Паліць свой агарод праблема — столькі вады не наносіш.
Дырэктар магілёўскага Гарводаканала Валерый Цімашэнка ў размове з Еўрарадыё сцвярджае, што калонкі прыбіраюць толькі ў тых месцах, дзе людзі падключаныя да водаправоду.
“Мы не знялі калонку ні ў аднаго чалавека, які не мае вады. Калонкі здымаюцца ў тых зонах, дзе людзі забяспечаныя “ўводамі ў дом”. Хто мае ўвод у дом, у той зоне здымаецца калонка. Калі ёсць хоць адзін чалавек без вады, чакаем, прапануем яму беспрацэнтны крэдыт на вялікі тэрмін, робім дакументацыю, падводзім і пакрысе атрымліваем грошы”.
На пытанне, колькі калонак яшчэ збіраюцца дэмантаваць у Магілёве, дырэктар адказвае:
“Справа не ў калонках, а ў безуліковым расходзе вады. Калі там няма спажыўца, навошта трымаць калонку”.
Раней у газеце “Веснік Магілёва” галоўны інжынер “Гарводаканала” Аляксандр Палагін расказаў пра пачатак маштабнай кампаніі па эканоміі водных рэсурсаў. У канцы мінулага года на магілёўскіх вуліцах налічвалася 1500 калонак, якія былі ў агульным карыстанні, і, на яго думку, шмат хто з грамадзянаў выкарыстоўваў ваду без адпаведнага ўліку: на паліўку агародаў, мыццё машын, будаўніцтва і г.д. Гэта і падштурхнула гарвыканкам да адпаведнага рашэння.