У Магілёве ідзе суд па бойцы ў лякарні з удзелам міліцыянта

У Магілёве ідзе суд па бойцы ў лякарні з удзелам міліцыянта

Суд у Магілёве пачаў разглядаць справу мясцовага жыхара, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Сам абвінавачаны сваю віну не прызнае і заяўляе, што гэта міліцыянт яго збіў, інфармуе БелаПАН.

Здарэнне адбылося 24 кастрычніка 2016 года. Цешча заявіла ў міліцыю на Міхаіла Кірычэнку, што ён нападпітку збіў яе, што не прывяло да цялесных пашкоджанняў. Сам Кірычэнка заяўляе, што цешчу не чапаў, а яна проста хоча выжыць яго з дома. Тым не менш мужчыну даставілі ў Кастрычніцкі РАУС і аштрафавалі на 0,5 базавай велічыні.

У пастарунку Кірычэнка адчуў сябе дрэнна, і яго даставілі ў лякарню №1 машынай хуткай дапамогі. Затрыманага суправаджаў супрацоўнік дэпартамента аховы МУС Багроў. ПУ Кірычэнкі пры сабе было, як ён кажа, жартоўнае пасведчанне інваліда, купленае ў Маскве, хоць сам ён інвалідам не з'яўляецца. Гэтае "пасведчанне" было канфіскаванае і знаходзілася ў Багрова. У лякарні міліцыянт перадаў пасведчанне Кірычэнку, калі медработнік пацікавілася інваліднасцю пацыента. Аднак сам магілёвец не паказаў дакумент медработнікам і не аддаў міліцыянту. Ён выкінуў пасведчанне, калі выйшаў пакурыць, каб з яго не смяяліся. Калі міліцыянт запатрабаваў вярнуць пасведчанне, Кірычэнка паведаміў, што выкінуў яго.

На судовым пасяджэнні 20 студзеня паказалі відэазапіс камеры назірання з прыёмнага пакоя лякарні. На ім відаць, што міліцыянт запіхвае Кірычэнку ў прыбіральню. Мужчына кажа, што там Багроў, заціснуў яму горла і біў дубінкай па нагах. Праз нейкі час яны вываліліся з суседняга пакоя, схапіўшы адзін аднаго за вопратку. Падчас бойкі Багроў неаднаразова распыляуў у твар Кірычэнку газ з балончыка, валіў яго на падлогу і біў. На відэазапісе можна пачуць крыкі Кірычэнку аб дапамозе.

Потым затрыманы схапіў дубінку Багрова і, трымаючы яе двума рукамі з двух канцоў, штрухае ў шыю і галаву міліцыянта. Пасля гэтага Кірычэнка выбег на вуліцу: па яго словах, у памяшканні было немагчыма дыхаць з-за газу, распыленага міліцыянтам. Мужчына кажа, што на вуліцы згубіў прытомнасць і неўзабаве на ім апынуліся кайданкі.

Цяпер магілёўцу пагражае да шасці гадоў зняволення.

Адзінай сведкай па справе праходзіць медработнік, якая ў той дзень дзяжурыла ў прыёмным пакоі лякарні. Яна паведаміла, што на твары міліцыянты было цялеснае пашкоджанне. На відэа таксама бачна, як Багроў нешта выцірае з твару.

Дарэчы, сам пацярпелы міліцыянт на судовае пасяджэнне 20 студзеня не з'явіўся. Суддзя Дзяніс Кічыгін папрасіў пракурора забяспечыць яўку Багрова на наступнае пасяджэнне 24 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі