У Магілёве кандыдат у дэпутаты ўпершыню правёў агітацыйны канцэрт
Кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Юрый Стукалаў правёў першы для Магілёва агітацыйны перадвыбарчы канцэрт. Мерапрыемства прайшло ў шматлюдным месцы каля завода “Электрарухавік” і доўжылася гадзіну.
Як паведамляе БелаПАН, перад прысутнымі выступіў сам кандыдат у дэпутаты, а таксама яго давераная асоба, прафесар, доктар сацыялагічных навук Юрый Бубноў. Паміж расповедамі пра кандыдата і яго праграму публіка магла паслухаць выступы кавер-гурта City Lights.
Стукалаў кажа, што для яго гэта першая парламенцкая кампанія, і ён хоча паказаць людзям, што такое сапраўдныя выбары, як у Еўропе, Украіне і нават у Расіі — з канцэртамі, актыўнай агітацыяй і знешняй рэкламай. Палітык спадзяецца, што сёлета галасы выбаршчыкаў падлічаць сумленна, і ён стане дэпутатам.
На агітацыйным канцэрце ў Магілёве прысутнічалі доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЕ.