У Магілёве на сход прадпрымальнікаў выйшлі каля 100 чалавек
У Магілёве на Віленскім рынку 20 студзеня прайшоў сход прадпрымальнікаў, на які сабралося каля 100 чалавек. Яны хацелі абмеркаваць сітуацыю з прэзідэнцкім указам № 222 і ўвядзенне мараторыю на праверкі кантрольнымі органамі. З пратэстуючымі ІП у будынку Магілёўскага аблвыканкама сустрэліся прадстаўнікі ўлады.
Мерапрыемства вёў намеснік старшыні аблвыканкама, які курыруе пытанні эканомікі, Віктар Некрашэвіч, інфармуе БелаПАН. Ён прапанаваў прадпрымальнікам выказаць свае заўвагі і прапановы ў адрас прадстаўнікоў гарвыканкама, міліцыі, кантрольных і падатковых органаў. "Пазіцыя кіраўніка рэгіёну: у кожным разе мы прыватны бізнэс у крыўду не дамо. Гэта драйвер развіцця нашай эканомікі", — заявіў Некрашэвіч.
Большасць выступоўцаў называла памылковым указ №222 і патрабавала яго адмены. Таксама прадпрымальнікі закранулі ўказ "аб дармаедах": на іх думку, ён патрабуе ад дзяржавы больш выдаткаў, чым яно зможа атрымаць даходаў, нават калі пазбавіць працы тых, хто гандлюе на рынку і плаціць падаткі.
Сустрэча працягвалася паўтары гадзіны. Напрыканцы яе Некрашэвіч паведаміў, што вылучыў 20 пытанняў, узнятых прадпрымальнікамі, на якія пакуль не мае адказу. Тыя пытанні, якія не залежаць ад мясцовай улады, ён паабяцаў падаць на пасяджэнне прэзідыума Саўміна, прызначанае на бліжэйшы аўторак.