У Магілёве пагражалі ўзарваць гандлёвы цэнтр, а ў Бабруйску — пад’езд дома
На Магілёўшчыне актывізаваліся “мінёры”. 14 чэрвеня 43-гадовы бабруец патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што да яго маці па вуліцы Лынькова ў Бабруйску прыходзіў 40-гадовы сусед, які паведаміў, што мае намер узарваць пад’езд дома, паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Пасля тэлефанавання была праведзеная эвакуацыя 10 жыхароў пазначанага пад’езда. Месца выкліку абследавалі, але ніякіх бомбаў не знайшлі. Тэлефонны тэрарыст затрыманы — на яго заведзеная крымінальная справа за загадзя хлуслівае паведамленне аб небяспецы.
У гэты ж дзень на размінаванне выязджала і група сапёраў у Магілёве. Адміністрацыя гандлёвага цэнтра “Прэстан” атрымала ананімную інфармацыю ад нявызначанай асобы, якая пагражала ўзарваць будынак. У выніку з гандлёвага цэнтра было эвакуявана 72 чалавекі, але і тут выбухоўку не знайшлі. Па гэтым факце праводзіцца праверка.