У Маладзечне прайшоў пікет супраць будаўніцтва свінакомплексаў
Каля райвыканкама Маладзечна 12 траўня адбыўся несанкцыяваны пікет супраць будаўніцтва свінакомплексаў у раёне. У ім прынялі ўдзел восем чалавек, перадае Радыё "Свабода".
Пікет доўжыўся сорак хвілінаў. Удзельнікі трымалі плакаты "Не — свінству ўладаў!", "Хто адкажа за знішчаную экалогію?" ды іншыя. Міліцыянты склалі пратаколы за несанкцыяваную вулічную акцыю на каардынатара БХД па Мінскай вобласьці Паўла Пракаповіча і старшыню Барысаўскай арганізацыі БСДП (Грамада) Алеся Абрамовіча.
Паведамляецца, што Пракаповіч падаваў заяўку на пікет, але не атрымаў дазволу ад уладаў.
Як паведамлялася раней, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі №220 кампанія "Вялес-Міт" павінна пабудаваць два свінакомплексы на сто тысяч галоў кожны ў Маладзечанскім раёне непадалёк ад вёсак Соўлава і Палачаны. Комплексы запланавана пабудаваць на працягу 2015–2018 гадоў.