У Мінабароны РБ назвалі "фэйкам" інфармацыю пра абстрэл расіянамі Беларусі
11 сакавіка Дзяржаўная памежная служба Украіны заявіла, што расійскія самалёты нанеслі авіяўдары па тэрыторыі РБ каля ўкраінскай мяжы. Бомбы ўпалі і на ўкраінскім баку. Украінцы заяўляюць, што гэта свядомая правакацыя з мэтай уцягвання Беларусі ў вайну ва Украіне. Перад гэтым у пятніцу з'явілася заява ўкраінскага міністра абароны Аляксея Рэзнікава, які папярэджваў пра падобную правакацыю з боку РФ.
У Мінабароны РБ назвалі "фэйкам" інфармацыю пра абстрэл расіянамі Беларусі.
Пазней было заяўлена, што "інфармацыя аб нанясенні ўдараў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца чарговай правакацыяй і спробай разгайдаць беларускае грамадства". Мінабароны РБ адзначае, што "па стане на 18 гадзін 30 хвілін... ні сродкі кантролю і разведкі паветранай прасторы, ні падраздзялення МНС, якія выконваюць задачы ў гэтых раёнах, не пацвярджаюць...".
Пазней падобную заяву зрабіў і Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. Беларускімі памежнікамі "гукі выбухаў не фіксаваліся", а на беларускай тэрыторыі "не выяўлена разбурэнняў на мясцовасці".
Пры гэтым жыхары Столінскага раёна паведамляюць пры гукі выбухаў, дым і шматлікія палёты авіяцыі. Жыхарка вёскі Капані распавяла Еўрарадыё наступнае: "Як бухнула! А так у людзей шкло ў вокнах лязгала. Як землятрус гэта было. У нас толькі "рыскі" былі — гэта як самалёт ляціць і пускае дым. Такія былі "рысачкі". Высока-высока гэта было, не было відаць самалёта. Гэта было тры разы. Выбухі былі ў Бухлічах і Варанях".
Ва Украіне праводзіцца расследаванне абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.