У Мінэканомікі праблему прадпрымальнікаў абмяркуюць 8 лютага
У Міністэрстве эканомікі Беларусі пры грамадска-кансультацыйным (экспертным) савеце па развіцці прадпрымальніцтва створаная Рабочая група па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Яе ачоляць намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч і намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. На першае паседжанне група збярэцца ў Міністэрстве эканомікі 8 лютага. Адзначаецца, што яно будзе прысвечана пытанням выканання патрабаванняў па сертыфікацыі прадукцыі.
Як інфармуе прэс-служба Мінэканомікі, у склад рабочай групы будуць уваходзіць кіраўнік Дэпартамента па прадпрымальніцтве, кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрымальніцкіх арганізацый (у тым ліку і "Перспектывы"), прафсаюза "Садружнасць", дэлегаты ад саветаў ІП рынкаў і гандлёвых цэнтраў з усёй краіны.
Як вядома, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" падала ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 15 лютага ў Мінску вулічнай акцыі індывідуальных прадпрымальнікаў. ІП хочуць, каб улады пачулі іх патрабаванні ў справе праблемы з сертыфікацыяй тавараў.