У Мінск не прыедзе ніводзін пераможца Алімпіяды, а толькі 5 чэмпіёнаў свету
Міхаіл Захараў тлумачыць, што Беларусь наўмысна прымае Чэмпіянат свету па хакеі ў год, калі “прыязджаюць не ўсе зоркі”.
Пару месяцаў таму прайшлі Алімпійскія гульні ў Сочы, і матываваць найлепшых хакеістаў да ўдзелу ў мінскім чэмпіянаце свету няпроста.
Зборная Канады, якая “ўзяла” Алімпіяду-2014, таксама прыедзе другім складам. Ані Сіднэя Кросбі, ані Патрыса Бержэрона ў Мінску не будзе. Калі верыць папярэдняй заяўцы канадцаў, не прыедзе ўвогуле ніводзін алімпійскі чэмпіён. Што праўда, канчатковы склад пакуль не вядомы.
Тая ж самая сітуацыя ― з камандай ЗША.
Трэнер зборнай Швецыі Пар Мартс таксама скардзіцца на нежаданне топавых хакеістаў гуляць: “21 хакеіст НХЛ адмовіўся ўдзельнічаць у Чэмпіянаце свету-2014. За акіянам выступае каля сотні шведаў, а прыехаць пагадзіліся адзінкі”.
З алімпійскага складу зборнай Швецыі (заняла на Гульнях ў Сочы другое месца) у Мінск прыедзе толькі адзін хакеіст, Джымі Эрыксан (клуб “Шэлефтэа”, гуляе ва ўнутраным чэмпіянаце). Магчыма, да яго далучыцца яшчэ адзін чалавек са срэбнага алімпійскага складу.
Нагадаем, што год таму “Трэ Кронар” перамаглі ў чэмпіянаце свету. Дык вось, з таго залатога складу ў Мінск, апроч узгаданага Джымі Эрыксана, збіраюцца прыехаць толькі чатыры гульцы: Юхан Франсан (“Лулеа”), Маціяс Экхальм (“Нэшвіл”, НХЛ), Дзік Аксельсан (“Фрэлунда”), Нікалас Даніэльсан (“Леў”, КХЛ).
Паводле сайта Шведскай асацыяцыі хакея на лёдзе, з гульцоў НХЛ у Мінск выявілі жаданне прыехаць восем чалавек. На Алімпіядзе ў Сочы заакіянскіх легіянераў было 24. Адмовіўся ад мінскага чэмпіянату нават гулец яраслаўскага “Лакаматыва” Стафан Кронваль.
Расія, якая на Гульнях у Сочы правалілася, па ідэі, мелася паквітацца за гэта ў Мінску. Але многія лідары, як Ілля Кавальчук, Яўген Малкін, Аляксандр Радулаў, на чэмпіянат свету не едуць. З таго алімпійскага складу каманды заявілі толькі васьмярых чалавек, у тым ліку, зорку НХЛ Аляксандра Авечкіна.
Натуральна, адсутнасць многіх сусветных зорак хакею павялічвае шанцы на поспех для нашай зборнай.
Патрыярх сучаснага беларускага хакею Міхаіл Захараў тлумачыць, што чэмпіянат свету беларусы наўмысна ўзяліся праводзіць менавіта ў гэтым годзе. Каб стварыць найлепшыя умовы для нашай каманды.
Міхаіл Захараў: “Можна было прыняць чэмпіянат свету 2013-га года. Мы абмеркавалі з Уладзімірам Навумавым (былы міністр унутраных спраў Беларусі, які кіраваў нашай хакейнай федэрацыяй з 2001 па 2009 гады, ― заўв. Еўрарадыё), што чэмпіянат свету 2014-га года будзе слабым, усе найлепшыя хакеісты не прыедуць. І мы вырашылі, што лепш браць 2014-ы год. Для нашай зборнай гэта вялікі плюс”.
Зборная Беларусі, адзначым, сабрала наймацнейшы склад, а кіруе камандай знакавы для нашага хакея Глен Хэнлан. Чэмпіянат свету па хакеі распачнецца ў Мінску 9-га траўня.