У парку Катоўка рабочыя разганялі праціўнікаў высечкі
У мінскім парку Катоўка рабочыя разганялі праціўнікаў высечкі дрэваў. Каля 15-й гадзіны там абвастрылася супрацьстаянне абаронцаў парку і людзей з бензапіламі. Па звестках эколагаў, з'явілася некалькі дзясяткаў чалавек у зялёных і аранжавых куртках, на некаторых з якіх напісана "Рэмаўтадор Савецкага раёна". Яны ачапілі месца высечкі, працягвалі пілаваць дрэвы і адштурхоўвалі мясцовых жыхароў і валанцёраў. Некалькіх чалавек "скруцілі" і не адпускалі.
Юрыстка таварыства "Зялёная сетка" Іна Панчкоўская набрала нумар рэдакцыі Еўрарадыё, але размаўляць не магла. На працягу 4 хвілінаў мы чулі, як яна крычала: "Прыбярэце рукі, адпусціце!". Таксама было чуваць, як побач працуюць бензапілы.
Абаронцы парку абнялі некалькі дрэваў і не падпускалі да іх рабочых.