У Мінску байкеры заяўляюць, што іх матацыклы масава адпраўляюць на штрафстаянкі
У Мінску байкеры заяўляюць, што іх матацыклы масава адпраўляюць на штрафстаянкі. Яны лічаць, што пасля ўчорашняга здарэння, у якім пацярпеў інспектар ДАІ, ім "аб'явілі вайну", паведамляе партал tut.by.
Адзначаецца, што матацыклы адпраўляюць на штрафстаянкі на падставе неабходнасці праверыць нумары рамы на сапраўднасць. Супольнасці сталічных байкераў у інтэрнэце перапоўненыя такімі паведамленнямі. На ўчорашні вечар такіх выпадкаў было больш за тры дзясяткі. Байкеры пачалі збірацца каля раённых ДАІ на імправізаваныя акцыі.
ДАІ: Вайны ў нас з байкерамі няма
Як паведамляла Еўрарадыё, раніцай 18 красавіка ў Мінску на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова даішнік спрабаваў спыніць байкера, на матацыкле якога не было рэгістрацыйнага нумару. Аднак той рэзка стартаваў і пацягнуў міліцыянера за сабой на сярэдзіну скрыжавання. Там іх абодвух збіла машына інкасацыі. 46-гадовы афіцэр міліцыі атрымаў траўмы, ён знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі. 31-гадовы байкер, у адносінах якога распачалі крымінальную справу, таксама атрымаў траўмы, але не такія цяжкія, яго шпіталізавалі, ён знаходзіцца пад вартай.