У Мінску на вакзале затрымалі прыхільніцу Лукашэнкі, якая ехала да сына
Людміла Грышкавец
Жыхарка Слуцка Людміла Грышкавец распавяла ў сацсетках, як яе затрымалі на вакзале ў Мінску і даставілі да слуцкага ўчастковага, у якога "гарэлі тэрміны". Участковы павінен быў даць адказ у пракуратуру з нагоды звароту Грышкавец, але не паспяваў яе апытаць. Таму папрасіў калег даставіць жанчыну ў Слуцк. Па словах Грышкавец, супрацоўнікі міліцыі, якія яе затрымлівалі, сказалі, што яна знаходзіцца ў "саюзным вышуку".
"Нягледзячы на мае шматлікія просьбы, што, знаходзячыся на мінскім вакзале я бяру квіток да горада Брэста, каб далей праехаць да санаторыя і забраць сына-інваліда другой групы, нічога не дапамагло", — кажа Грышкавец. Паводле ейных слоў, у выпадку непадпарадкавання ёй нават пагражалі надзець кайданкі. У Слуцк яе везлі "пад канвоем у машыне з зачыненымі дзвярыма".
Пасля таго, як жанчына даведалася прычыну затрымання, яна напісала заяву ў міліцыю з просьбай патлумачыць ёй гэтае "безуладдзе". Адказам яна засталася незадаволеная. Сама яна лічыць, што ў "безуладдзі" вінавата не кіраўніцтва краіны, а нядобрасумленныя супрацоўнікі міліцыі.
"Хто меў права абмежаваць маю свабоду? Чаму мне не далі адказ у лісце, які я атрымала? Зноў баязлівасць і пакрывальніцтва сваёй недапрацоўкі", — абураецца жанчына. Яна задаецца пытаннем, каму гэта выгадна, і прыходзіць да высновы, што "ўсе гэтыя хваляванні, выкліканыя сярод людзей, гэта вось такімі супрацоўнікамі робіцца". Лукашэнка, на яе думку, тут ні пры чым. Грышкавец дадала, што мае намер зноў звяртацца да начальніка Слуцкага РАУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.