За падабайкі "экстрэмістам" затрымалі дырэктара "Гомельаблбудпраекта"
Віктар Буракоў
У Гомелі затрымалі дырэктара інстытута "Гомельаблбудпраект" і па сумяшчальніцтве старшыню гомельскага аддзялення праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС) Віктара Буракова. Як піша "Флагшток", затрыманне адбылося ў канцы лістапада, але вядома пра яго стала толькі цяпер.
Ананімная крыніца расказала журналістам, што дырэктара інстытута сілавікі затрымалі на працоўным месцы. Прычынай сталі падабайкі ў сацсетках.Пасля гэтага Бураоква звольнілі з усіх пасадаў.
У прыёмнай "Гомельаблбудпраекта" сакратарка пацвердзіла: "Віктар Васільевіч больш не працуе. У нас іншы дырэктар — Яцко Уладзімір Пятровіч, [ужо] месяц. Нічога не здарылася, іншы дырэктар".
На сайце абласной арганізацыі РППС Буракова таксама прыбралі з пераліку кіраўнікоў, але нікім пакуль не замянілі.
Віктар Буракоў працаваў на "Гомсельмашы" і Веткаўскай баваўнянапрадзільнай фабрыцы. У 2005-м стаў намеснікам старшыні Веткаўскага райвыканкама, праз 2 гады ўзначаліў яго. У 2010 годзе ён быў гендырэктарам "Гомельаблбудкомплексу". У 2014-м узначаліў "Гомельаблбудпраект". Старшынёй абласной арганізацыі РППС Буракова абралі ў траўні 2023-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.