У Мінску пачаўся суд над "сухараўскім жывадзёрам", які забіў 15 катоў
Суд над Мікалаем Кавалёвым / sb.by
У Фрунзенскім судзе Мінска пачаўся разгляд справы Мікалая Кавалёва, піша "СБ. Беларусь сегодня". Яго вінавацяць у здзеку з жывёлаў, за што хлопцу пагражае да трох гадоў калоніі.
На сумленні 22-гадовага хлопца — 15 закатаваных катоў і котак. За свае дзеянні ён атрымаў мянушку "сухараўскі жывадзёр" (бо пражываў у мінскім мікрараёне Сухарава).
Яшчэ ўвосень 2020-га валанцёры забілі трывогу: каты, якіх перадавалі Кавалёву, знікалі бясследна. Сам хлопец на сувязь з занепакоенымі гаспадарамі і зоаабаронцамі не выходзіў, знікненне жывёл ніяк не тлумачыў.
Людзі падавалі заявы ў міліцыю. Аднак міліцыянтам Кавалёў казаў, што чарговы кот ад яго збег — і на гэтым праверкі спыняліся.
Праўда, быў эпізод, калі малады чалавек сам расказаў міліцыянтам пра забойствы жывёлаў, але...
"У снежні 2020 года Кавалёў, які апынуўся ў адным з гарадскіх аддзелаў міліцыі за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, раптам пачаў гаварыць адкрыта і распавядаць, што ён у сваёй кватэры рэгулярна збівае і забівае катоў. Нават лічбу тады называў — на яго сумленні забойства 9 чатырохногіх небарак. І зноў была праведзеная праверка, якая скончылася нічым", — піша "СБ".
Як вядома, у снежні 2020-га міліцыя больш увагі звяртала на палітычных апанентаў улады, чым на жывадзёраў
Толькі ў жніўні 2022-га, калі зоаабаронцы знайшлі цела закатаванага ката, справа зрушылася з мёртвай кропкі.
Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза не выявіла ў Кавалёва ніякіх праблем: падчас здзекаў і забойстваў жывёл ён цалкам усведамляў свае дзеянні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.