У Мінску пройдзе нефармальная сустрэча міністраў "Усходняга партнёрства"
Яна прызначаная на 29 чэрвеня.
29 чэрвеня ў Мінску пройдзе пяты раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін-удзельніц Усходняга партнёрства. Пра гэта распавёў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на брыфінгу ў чацвер.
"Мерапрыемства будзе складацца з двух сегментаў: дыскусія кіраўнікоў МЗС і тэматычная сустрэча па пытаннях навакольнага асяроддзя краін Усходняга партнёрства", — перадае interfax.by словы Мірончыка. На сустрэчы будуць абмяркоўвацца цяперашні стан і далейшыя перспектывы Усходняга партнёрства па выніках нядаўняга Рыжскага саміту, які прайшоў сёлета ў траўні.
Па словах Мірончыка, прымаць якія-небудзь выніковыя дакументы і заявы на сустрэчы не плануецца.
Нашу дзяржаву на сустрэчы будуць прадстаўляць кіраўнік МЗС Уладзімір Макей і першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.
Краіны-партнёры будуць прадстаўленыя міністрамі альбо намеснікамі міністраў замежных спраў і навакольнага асяроддзя. Таксама ў мерапрыемстве прыме ўдзел еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан, генеральны сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Ален Ле Руа ды іншыя еўрачыноўнікі.
Фота — bdg.by