У Мінску за ўдзел у пратэстах судзяць юнака, які галасаваў за Лукашэнку

У Мінску за ўдзел у пратэстах судзяць юнака, які галасаваў за Лукашэнку

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы 21-гадовага Іллі Гагіева. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), піша праваабарончы сайт "Вясна". Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк.

Гагіева затрымалі 11 сакавіка. Ён са шматдзетнай сям'і: акрамя яго, у сям'і яшчэ трое дзяцей. Маці — ляжачы чалавек з інваліднасцю, яе даглядае 22-гадовая сястра Іллі. Сам Ілля — адзіны кармілец у сям'і: малодшыя браты, якім 18 і 16 гадоў, не працуюць. 

Паводле абвінавачання, з 16:00 9 жніўня да 3:10 10 жніўня ён удзельнічаў у акцыі пратэсту на праезнай частцы праспекта Пераможцаў у Мінску. Як цвярджае бок абвінавачання, Гагіеў публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у ладкі, рухаўся па праезнай частцы дарогі праспекта Пераможцаў, блакаваў і перагароджваў шлях транспартных сродкаў. Тое самае ён нібыта рабіў у ноч з 10 на 11 жніўня, у тым ліку ішоў у счэпцы. 

На судзе Ілля расказаў, што 9 жніўня разамз сябрам паехалі катацца на роварах, каб пацікавіцца, што адбываецца. Ён не думаў пра законнасць мерапрыемства, але паколькі было шмат людзей, паддаўся эфекту натоўпу. Хлопец кажа, што не ведае, навошта стаў у счэпку, фота якой было зробленае на другі дзень яго прысутнасці на месцы падзей. Ён хутка сышоў адтуль, бо не любіць п'яных, а ад людзей, якія стаялі побач, адчуваўся перагар.

Пасля двух дзён ён пачытаў навіны, зразумеў, што гэта яму не трэба, і перастаў хадзіць на акцыі.

Суддзя спытала, ці атрымлівала яго сям'я падтрымку ад дзяржавы. Гагіеў пацвердзіў, што яны атрымалі сацыяльнае жыллё, ездзілі ў аздараўленчыя лагеры і елі бясплатна.

"Узнікае пытанне: навошта вы туды пайшлі? Што вам зрабіла дзяржава не так?" — запыталася Юлія Блізнюк.

На гэта Ілля адказаў: "Нічога. Я ж кажу, што я толькі за, а не супраць нашай улады. Калі б я меў намер у чымсьці ўдзельнічаць, я б хаваў твар".

У матэрыялах справы ёсць відэаздымкі, якія Гагіеў рабіў падчас падзей. На іх за хлопцам хлопца стаяць міліцыянты, а ён кажа фразу: "Мне (нецэнзурная лексіка, "усё адно"), я за бацьку галасаваў!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі