У Мінску за "здраду дзяржаве" пачынаюць судзіць падпалкоўніка

Антон Чарамных / zviazda.by

Антон Чарамных / zviazda.by

15 лютага пачынаецца суд над намеснікам камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай працы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнікам Антонам Чарамных. Яго справу разглядае Мінскі гарадскі суд, суддзя — Сяргей Кацар.

Афіцэра трымаюць за кратамі з пачатку 2023-га. Яго арыштавалі ў вайсковым гарадку Бароўка ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці і з таго часу ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску. Чарамных абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве" і "распальванні іншай сацыяльнай варожасці". Яму пагражае да 20 гадоў зняволення (ці нават смяротнае пакаранне). Абставіны справы дагэтуль невядомыя. Суд будзе закрытым. У афіцэра ёсць жонка і двое непаўналетніх дзяцей.

Былы вайсковец, які знаёмы з Антонам Чарамных, кажа Радыё Свабода, што гэта "адэкватны, культурны чалавек і афіцэр, з маральнымі і чалавечымі прынцыпамі", ён "не быў хамам і дзяржымордам, як некаторыя".

Іншы вайсковец расказваў "Зеркалу", што ў 2020-м падпалкоўнік падпісваўся за альтэрнатыўнага кандыдата на пасаду прэзідэнта, а ў 2022-м не хаваў, што не падтрымлівае вайны, якую Расія пачала супраць Украіны.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што змены ў 356-ы артыкул Крымінальнага кодэксу РБ былі ўнесены ўжо пасля арышту Антона Чарамных. "Здрада дзяржаве службовай асобай альбо вайскоўцам" цяпер караецца ў тым ліку смерцю. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі