У Мінску запускаецца першы шэрынг электрасамакатаў

У Мінску запускаецца першы шэрынг электрасамакатаў

У Мінску запускаецца першы шэрынг электрасамакатаў. Гэта не просты пракат, што ўжо ёсць у горадзе. Сэрвіс (яго каротка называюць кікшэрынгам) будзе падобны да каршэрынгу: арандаваць бліжэйшы самакат можна будзе праз мабільную праграму, пакінуць — у любым месцы, дзе ёсць GPS.

У кампаніі Eleven, якая запускае кікшэрынг, Еўрарадыё паведамілі, што сэрвіс мусіць запрацаваць да канца красавіка. Але пасля паправіліся: шэрынг электрасамакатаў запусціцца “ў бліжэйшы час”.

Чым шэрынг электрасамакатаў адрозніваецца ад звычайнай арэнды?

Галоўнае адрозненне ў тым, што пры шэрынгу за самакатам не трэба ісці ў пункты пракату. Самакаты, абсталяваныя сістэмай GPS, будуць абазначаныя на карце, доступ да якой забяспечваецца праз мабільную праграму. Скарыстаўшыся самакатам, арандатар мусіць пакінуць яго на месцы, дзе працуе GPS/ГЛОНАСС, каб ім мог пазней скарыстацца наступны арандатар. Грошы за праезд на самакаце здымаюцца з банкаўскай карткі, прывязанай да профілю ў мабільнай праграме.

Колькі гэта будзе каштаваць?

Кошт будзе фарміравацца з дзвюх частак. 2 рублі — фіксаваны пачатковы плацёж, які не залежыць ад працягласці карыстання самакатам. Плюс за кожную хвіліну трэба будзе заплаціць па 30 капеек. То бок 10-хвілінная паездка на электрасамакаце абыдзецца ў 5 рублеў, 20-хвілінная — у 8 рублёў, паўгадзінная — у 11 рублёў.

Колькі электрасамакатаў будзе ў мінскім кікшэрынгу? 

У кампаніі Eleven нам паведамілі, што напачатку праекта будуць даступныя 100 электрасамакатаў. З часам іх колькасць будзе павялічвацца.

Падрабязнасці пра сэрвіс з’явяцца на сайце www.goeleven.by, які пакуль працуе ў тэставым рэжыме.

Першым буйным сэрвісам кікшэрынгу стаў амерыканскі Bird, які запусціўся ў верасні 2017 года. Цягам 2018 года паслуга кароткатэрміновай арэнды электрасамакатаў пачала набіраць папулярнасць па ўсім свеце. Віруснаму распаўсюду кікшэрынгу быў нават прысвечаны эпізод з апошняга сезона папулярнага мультсерыяла South Park.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі