У Мінску затрымалі траіх юнакоў, якія сарвалі з будынкаў чырвона-зялёныя сцягі
Хлопцы зрываюць сцягі / sk.gov.by
У Мінску затрымалі траіх юнакоў, якія сарвалі з будынкаў два чырвона-зялёныя сцягі. Супраць іх распачалі крымінальную справу па артыкуле "здзек над дзяржаўнымі сімваламі".
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі, хлопцы, якім 16-17 гадоў, увечары 7 ліпеня сустрэліся каля станцыі метро "Партызанская", гулялі па вуліцах і распівалі алкаголь. Па дарозе яны сарвалі сцягі і кінулі іх на зямлю.
Міліцыя вылічыла юнакоў і затрымала. Сцвярджаецца, што свае дзеянні яны не змаглі патлумачыць. Усе яны вучацца ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, раней да адказнасці не прыцягваліся.
Нягледзячы на паказальныя суды і прапаганду, у розных рэгіёнах Беларусі па-ранейшаму зрываюць чырвона-зялёныя сцягі. Улады гэта ніяк не могуць патлумачыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.