У Мінску жанчыны вырашалі канфлікт з дапамогай малатка
Блогер Антон Матолька паведаміў 31 траўня ў Twitter, што стаў сведкам бойкі дзвюх жанчын каля 8-га дома па вуліцы Сухараўскай у Мінску.
“Я выяжджаў са двара, чую нейкія мацерныя крыкі ззаду, — распавядае Еўрарадыё блогер. — Павярнуўся, бачу двух п’яных жанчын гадоў 35-40 прыкладна, адна з іх з малатком. Тая, што без малатка, лезе на тую, што з малатком, і нейкі мужык побач стаіць. Жанчына пачынае больш актыўна лезці, другая яе адштурховае, а потым у хаду ідзе і малаток. Прычым трапляе ён і ў галаву таксама, але, відаць, не моцна, бо жанчына трымалася на нагах”.
Чым справа скончылася, Антон Матолька ўжо не бачыў, але па дарозе выклікаў міліцыю. Што праўда, супрацоўнік МУС ператэлефанаваў блогеру праз некалькі хвілін і папракнуў, што той не разняў бойку самастойна ды яшчэ і з’ехаў з месца здарэння.
“Калі вы не дачакаліся міліцыі, то… ён сказаў нешта там незразумелае і кінуў трубку”, — перадае размову з міліцыянерам Антон.
Ад каментароў для Еўрарадыё праваахоўнік адмовіўся, а прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама ужо не працавала.
Як паведамляла Еўрарадыё, 29 траўня ў Полацку пасварыліся дзве сястры, у выніку чаго малодшая схапіла малаток і нанесла некалькі ўдараў старэйшай. Пацярпелая памерла ў бальніцы праз некалькі гадзін.