У Мінску жыве 14,5 тысячы шматдзетных сем'яў, якія выхоўваюць 46 тысяч дзяцей
Штогод у Мінску становіцца на тысячу больш шматдзетных сем'яў, паведамляе "БелТА". Пра гэта заявіла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкаму Жанна Рамановіч.
Чыноўніца мяркуе, што гэта адбываецца "дзякуючы мэтанакіраванай працы па падтрымцы сямей" гарадскімі ўладамі. Па яе словах, на 1 чэрвеня ў сталіцы зарэгістравана каля 14,5 тысячы шматдзетных сямей. У іх выхоўваецца 46 тысяч дзяцей, 25,5 тысячы з якіх ходзяць у школу.
Рамановіч кажа, што больш за 1,7 тысячы сямей выхоўваюць трох-чатырох дзяцей. Ёсць сям'я, у якой нарадзілася 11 дзяцей. Таксама чыноўніца падкрэслівае, што ў параўнанні з мінулымі гадамі доля сямей, у якіх з'явілася другое дзіця, вырасла на 40%.