У Мінску знясуць 100 дамоў дзеля прыроднага парку

Река Свислочь в Минске

Новы прыродны парк у Мінску: замест прыватнага сектара — зялёныя зоны і веладарожкі / realt.by

Тэрыторыю мінскага раёна Серабранка ў межах вуліц Дзянісаўскай, Шэйпічы, Дварышчы і Якубава чакае маштабная трансфармацыя. Там з’явіцца новы прыродны парк, а жылую забудову са 100 прыватных дамоў знесуць. Гэта стала вядома з праекта дэталёвага плана, выстаўленага на грамадскае абмеркаванне.

Што запланавана зрабіць?

На дадзеным участку знаходзяцца зялёныя зоны, прылеглыя да Свіслачы, а таксама Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс і экатропы. Адна з задач, якую паставілі распрацоўшчыкі плана, — захаванне ўнікальных экасістэм, у тым ліку рэдкіх відаў раслін і птушак.

Частку тэрыторыі адведуць пад грамадскія зоны адпачынку і спорту. У раёне вуліцы Сямёнава запланавана добраўпарадкаванне з абмежаванай забудовай: не больш за 18% тэрыторыі зоймуць збудаванні, а 60% застанецца пад зялёныя насаджэнні.

У планах гарадскіх уладаў да 2030 года — поўны знос сядзібнай забудовы ў былых вёсках Дварышчы і Шэйпічы і стварэнне на іх месцы прыроднага парку.

Минский район Серебрянка и река Свислочь
Раён Серабранка і вёска Дварышчы / realt.by

Там абуструюць пляцоўкі для ціхага адпачынку, веладарожкі, пешаходныя маршруты, масткі праз Свіслач і малыя архітэктурныя формы.

Першыя работы пачнуцца ўжо ў 2026 годзе. Плануецца добраўпарадкаваць прыбярэжную тэрыторыю ў раёне вуліцы Якубава. Да гэтага моманту існуючая сядзібная забудова ў раёне вуліц Сямёнава, Шэйпічы і Дварышчы застанецца нязменнай, аднак уладальнікам забаронена рабіць рэканструкцыю дамоў з павелічэннем плошчы.

Грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца да 3 сакавіка. Усе жадаючыя могуць азнаёміцца з планам на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска і накіраваць свае прапановы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі