У Міжземным моры загінулі не менш за 300 нелегальных мігрантаў (відэа)

У выніку крушэння двух караблёў у Міжземным моры загінулі прынамсі 300 мігрантаў, што спрабавалі трапіць у Еўропу. Пра гэта інфармуе ВВС са спасылкай на агенцтва ААН па справах бежанцаў.

“Дзевяць чалавек выратаваныя праз чатыры дні ў моры. Астатніх паглынулі хвалі”, — напісала ў твітары прадстаўніца агенцтва ААН па справах бежанцаў у Італіі Карлота Самі. Па яе словах, адбылася “жахлівая і вялікая трагедыя”.

У міжнароднай арганізацыі па міграцыі паведамілі, што два невялікія караблі адплылі ад берага Лівіі ў суботу. Дзевяць выратаваных размаўляюць па-французску, і, як мяркуюць ратавальнікі, яны родам з Заходняй Афрыкі.

Мяркуецца, што караблекрушэнне адбылося ў панядзелак. Іншай інфармацыі пра загінулых пакуль няма.

Таксама ў панядзелак каля Італіі адбыўся яшчэ адзін падобны трагічны выпадак — тады загінулі 29 чалавек.

Па звестках агенцтва ААН па справах бежанцаў, у 2014 годзе амаль 3500 чалавек загінулі ў Міжземным моры, спрабуючы дабрацца да Еўропы. Такім чынам, Міжземнае мора стала самым небяспечным у свеце для мігрантаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі