У МУС распавялі, як беларусы могуць заявіць пра ВНЖ або "карту паляка"

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна Мінска / prorealt.by

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна Мінска / prorealt.by

У грамадзян Беларусі ёсць некалькі магчымасцяў заявіць аб другім грамадзянстве, відзе на жыхарства ці іншых "дакументах замежных дзяржаў, якія даюць права на льготы і перавагі" (маецца на ўвазе сярод іншага "карта паляка"). Алгарытм прадастаўлення інфармацыі прапісаны ў сумеснай пастанове МУС і МЗС краіны. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале і з сённяшняга дня ўступае ў сілу.

Інфармацыю можна падаць праз адзіны партал электронных паслуг (platform.gov.by), асабіста прыйсці ў органы ўнутраных спраў або дыпламатычнай службы, а таксама — праз інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. У крайнім выпадку, калі няма тэхнічнай магчымасці падаць інфармацыю такім чынам, можна адправіць ліст у дыппрадстаўніцтва па электроннай пошце, але абавязкова ў даменным імені mfa.gov.by. Можна накіраваць і пісьмовы зварот у орган унутраных спраў або дыпламатычнай службы. Ад заяўніка чакаюць дзве паперы: запоўненае апавяшчэнне і копіі старонак замежнага дакумента. Падаваць такія звесткі трэба і ў дачыненні да дзяцей.

Нагадаем, 11 ліпеня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя закона "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь". Гэты дакумент сярод іншага прадугледжвае, што беларусы абавязаныя паведамляць аб наяўнасці ў іх замежнага віду на жыхарства або дакументаў на льготы ў іншай дзяржаве. Адказнасці за невыкананне гэтага патрабавання пакуль няма. У выніку за першыя 10 дзён дзеяння абноўленай рэдакцыі закона ў міліцыю пра сябе паведамілі толькі каля ста чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі