У Нацыянальным аэрапорце выявілі парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства

У працы прадпрыемства "Авіякампанія Трансавіяэкспарт" і Нацыянальнага аэрапорта Мінск выяўленыя парушэнні. Пракуратура правярала там, як выконваецца антыкарупцыйнае заканадаўства, заканадаўства аб працы і пажарнай бяспецы.

Сярод іншага высветлілася, што згаданая авіякампанія выкарыстоўвае будынак тэхнічных брыгад без прыняцця яго ў эксплуатацыю ў прадугледжаным парадку. Яшчэ ў 2012-м спецыяльная камісія адмовілася прымаць будынак пасля рэканструкцыі, паколькі там не былі выкананыя патрабаванні па пажарнай бяспецы. Парушэнні гэтыя так і не былі выпраўленыя. Шэсць службовых асобаў "Авіякампаніі Трансавіяэкспарт" прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.

Як інфармуе прэс-служба Генпракуратуры, парушэнні выявілі і ў галіне антыкарупцыйнага заканадаўства. Службовыя асобы не маюць права выконваць іншую працу, якая аплочваецца і не звязаная з выкананнем працоўных абавязкаў па асноўным месцы працы (акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі). Аднак некаторыя кіруючыя работнікі згаданай авіякампаніі і Нацыянальнага аэрапорта Мінск, нягледзячы на забарону, працавалі ў іншых арганізацыях. "Дадзенае парушэнне стварала ўмову для карупцыйных праяваў", — адзначылі ў Генпракуратуры.

Пасля праверак авіяцыйных арганізацый былі ўнесены чатыры прадстаўленні і два прадпісанні. Пяць службовых асобаў афіцыйна папярэджаныя аб недапушчальнасці парушэння закона, чатыры чалавекі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, а дзесяць — да дысцыплінарнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі