У Нацыянальным мастацкім музеі адрэстаўравалі карціну Дамеля (фота)
Карціна вядомага мінскага жывапісца першай паловы XIX стагоддзя, прадстаўніка "віленскага класіцызму" Яна Дамеля "Маленне аб чашы" (1830-я (?)) паступіла ў запаснікі музея ў 2013 годзе ў вельмі дрэнным стане. Апошнія паўгода вялася яе актыўная рэстаўрацыя пад кіраўніцтвам Аляксандра Лагуновіча-Чарапко.
Прэзентацыя карціны адбудзецца 21 сакавіка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках святкавання 950-годдзя заснавання Мінска.
Ян Дамель працаваў пераважна як майстар рэлігійнага жывапісу, яго творам уласцівае рэалістычна-рамантычнае адлюстраванне рэчаіснасці і дакладны псіхалагізм. Значную частку творчай спадчыны майстра ўяўляюць таксама работы гістарычнага жанру і шматлікія партрэты прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі. "Маленне аб чашы" ("Хрыстос у Гефсіманскім садзе") — адзін з найлепшых твораў мастака, які знаходзіўся ў крыпце касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску, дзе пахаваны мастак.