У нядзелю пасажыры метро пераапрануліся ў майкі, шорты і бікіні
Флэшмоберы вырашылі нагадаць мінчукам, як выглядае лета.
У нядзелю ў мінскім метро прайшоў флэшмоб пад назвай "Лета атакуе". Моладзь нагадала сталічным пасажырам, як выглядаюць шорты, майкі ды бікіні. Удзельнікі флэшмобу сабраліся ў 17.30 каля чыгуначнага вакзала, пераапрануліся, пакінулі рэчы у камерах захоўвання і па падземным пераходзе накіраваліся ў метро.
Асаблівага здзіўлення не па сезону апранутыя хлопцы і дзяўчаты ні ў людзей у камерах захоўвання, ні ў пераходзе, ні ў пасажыраў метро не выклікалі. Едзе ў пачатку лютага поўны вагон моладзі ў шортах ды пляжных тапках – і хай сябе, маўляў, і не такое бачылі.
Пакатаўшыся ў метро і вярнуўшыся назад на вакзал, моберы накіраваліся ў гандлёвы цэнтр "Сталіца".
Па неафіцыйнай інфармацыі, міліцыя затрымала пару чалавек, але адразу адпусціла.