У нявыхадзе Шканавай на старт у Сочы вінаватыя "двайныя стандарты"?
Так карэспандэнту Еўрарадыё патлумачылі сітуацыю ў Беларускай федэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборду.
Нагадаем, што 10 лютага гарналыжніцу Марыю Шканаву не дапусцілі да старту на Алімпядзе ў Сочы. Яна мусіла выступаць у суперкамбінацыі гарналыжнага спорту ў жанчын. Як паведамляла Еўрарадыё, у нашай спартоўкі 93 ФІС-пункты (штрафныя пункты) пры дапушчальным максімуме ў 80.
Выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі Ігар Звернік у каментары Еўрарадыё патлумачыў нядопуск двайнымі стандартамі.
Звернік: "На афіцыйным сайце ФІС яна была дапушчаная. А за некалькі дзён да Алімпіяды былі ўведзеныя дадатковыя ўмовы допуску да суперкамбінацыі, паводле якіх спартоўка абавязаная была мець 80 пунктаў у хуткасным спуску. Інфармацыя пра гэтыя дадаткі стала вядомая тады, калі ўжо нічога нельга было зрабіць".
Па словах Зверніка, у іншых стартах Алімпіяды Шканава будзе ўдзельнічаць. Дарэчы, на Універсіядзе ў гэтым сезоне на суперкамбінацыі яна заняла трэцяе месца.
Фота — vk.com