У Оршы затрымалі расіяніна-удзельніка арганізаванай злачыннай групы
У Беларусі расіянін, якога аб'явілі ў міжнародны вышук, выконваў усе меры канспірацыі
Беларускія сілавікі затрымалі ў Оршы грамадзяніна Расіі, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы байцоў "Алмаз", распавялі ў МУС.
Затрыманаму 31 год. У Расіі ён быў актыўным удзельнікам арганізаванай злачыннай групы (АЗГ), якая ўчыняла напады на прадпрымальнікаў у Смаленскай вобласці. Напрыклад, у 2018 годзе ўдзельнікі групы збілі мясцовага бізнесмена, патрабавалі аддаць маёмасць. Пацярпелы не пагадзіўся, тады ў мужчыну стрэлілі з траўматычнай зброі. "Ён цудам застаўся жывы", — гавораць у беларускім МУС.
Яшчэ адзін злачынны эпізод здарыўся ў верасні 2019 года. Сябры АЗГ выкралі непаўналетнюю дачку іншага прадпрымальніка. Злачынцы патрабавалі, каб мужчына перааформіў свой бізнэс на падстаўных асоб.
"Хаваючыся ў нашай краіне, фігурант рабіў усе магчымыя меры канспірацыі", — адзначылі ў МУС. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы затрыманага расійскім праваахоўным органам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.