У памежных раёнах забаранілі выкарыстоўваць усе дроны без дазволу памежнікаў
Пры выкарыстанні дрона на рэжымнай тэрыторыі каля мяжы цяпер трэба атрымліваць дазвол Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК). Адпаведныя правілы набылі моц 24 жніўня 2022 года, паведамляе прэс-служба ДПК.
Раней гэтае абмежаванне не закранала лятальныя апараты масай менш за 1 кг .
У паведамленні ДПК падкрэсліваецца: "Забаронена выкарыстанне і (або) валоданне беспілотнікам у памежнай паласе, а таксама яго пакіданне па-за населенымі пунктамі, размешчанымі ў памежнай зоне, без апавяшчэння органаў памежнай службы".
Пэўныя віды беспілотнікаў перад выкарыстаннем у памежнай зоне цяпер трэба зарэгістраваць. Падрабязную інфармацыю памежнікі прапануюць даведацца ў Дэпартаменце па авіяцыі Мінтранса Беларусі.
Штраф за невыкананне правілаў выкарыстання беспілотнікаў у памежнай паласе дасягае 50 базавых велічыняў (1600 рублёў на сёння), у памежнай зоне — 20 базавых велічыняў (640 рублёў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.