У панядзелак на паўднёвы захад краіны прыйдзе адліга
У бліжэйшыя суткі, 28 студзеня, у Беларусі чакаецца хмарнае з праясненнямі надвор’е. На заходняй палове краіны сіноптыкі прагназуюць невялікі снег, слабую завіруху. Удзень на паўднёвым захадзе пройдзе мокры снег.
Уначы і раніцай месцамі слабы туман, удзень на паўднёвым захадзе слабы галалёд, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.
Вецер будзе паўднёва-ўсходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 9-15 градусаў марозу, пры праясненнях — мінус 16-22. Удзень будзе 3-9 са знакам мінус.
На паўднёвым захадзе ўначы прагназуюць 4-8 марозу, а ўдзень — ад мінус 2 да плюс 1, перадае БЕЛТА са спасылкай на Белгідрамет.