У Пінску 83-гадовага пенсіянера асудзілі за знаходжанне каля акцыі недармаедаў

У Пінску 83-гадовага пенсіянера асудзілі за знаходжанне каля акцыі недармаедаў

У Пінску 83-гадовага Івана Жука суд аштрафаваў, прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі недармаедаў, піша media-polesye.by.

Здарэнне адбылося 26 сакавіка. Мужчына разам з жонкай прыйшоў у аптэку. Пакуль яна зайшла ў памяшканне, пенсіянер чакаў на вуліцы. Пабачыўшы вялікі збор людзей, ён падыйшоў пацікавіцца. 

Пазней у судзе ён распавёў, што да яго падыходзілі міліцыянты ў форме і прасілі пайсці, але ён не разумеў, чаму павінен сыходзіць. Таму мужчына застаўся чакаць жонку. 

Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што памятае Івана Жука на плошчы падчас акцыі, але не памятае, ці быў той актыўным удзельнікам сходу. Паводле пратаколу, пад якім падпісаўся пенсіянер, сцвярджаецца, што мужчына загадзя ведаў пра мітынг і спецыяльна прыняў у ім удзел. Між тым, інфармацыя пра акцыю распаўсюджвалася толькі ў сацсетках, якімі 83-гадовы пенсіянер не карыстаецца.

Суддзя аштрафаваў пінчук на 230 рублёў (10 базавых велічыняў). Паведамляецца, што гэта практычна ўся месячная пенсія Івана Жука. 

У каментары журналістам пенсіянер паведаміў, што не разумее, за што яго пакаралі: "Там проста людзі стаялі і размаўлялі. Я таксама размаўляў і з міліцыянтамі, і з пінчукамі. Бо такім чынам можна вырашыць шмат гарадскіх праблем. Я маю вялікі жыццёвы вопыт, прапрацаваў 48 гадоў кіроўцам, быў дэпутатам гарсавета, таму мог бы падказаць мясцовым уладам што-небудзь карыснае. А тут штраф". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі