У Пінску памёр 46-гадовы журналіст Васіль Мацкевіч. Яго правяраюць на COVID-19
Васіль Мацкевіч / baj.by
Раніцай 11 красавіка, у рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай бальніцы памёр 46-гадовы карэспандэнт "Медыя-Палесся" Васіль Мацкевіч. Прадстаўнік санэпідстанцыі пацвердзіла галоўнаму рэдактару сайта Святлане Гарда, што ў Васіля быў узяты тэст на каранавірус і адпраўлены ў Брэст.
Ірына, жонка Васіля, распавяла, што муж патэлефанаваў ёй у 04:33 і сказаў, што яго забірае хуткая дапамога. Ён вельмі цяжка дыхаў, ня мог гаварыць, паведамляе "Медыя-Палессе".
Па словах Ірыны, яна змагла праз хуткую даведацца, што мужа паклалі ў Пінскую цэнтральную бальніцу. Там ёй расказалі, што ў яго пнеўманія.
"І яшчэ накрычалі на мяне: навошта вы распаўсюджваеце няслушную інфармацыю [пра каранавірус. — Еўрарадыё]? ", — распавядае жонка. Па яе словах, тэст на каранавірус Васілю зрабілі 7 ці 8 красавіка.
Рэдактару сайта "Медыя-Палессе" Святлане Гарда пацвердзілі факт смерці ў рэанімацыі. Спаслаўшыся на медычную таямніцу ў шпіталі адмовіліся назваць прычыну смерці.
Нягледзячы на тое, што афіцыйна не было сказана, што ў Васіля каранавірус — Пінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі звязаўся з галоўным рэдактарам сайта і абвесцілі, што будзе праведзена дэзінфекцыя офіса.
Сын Васіля — Адам, кантактаваў з бацькам 3 дні таму, і цяпер змешчаны ў інфекцыйную бальніцу ў Малатковічах. Тут, па словах маці, яго вызначылі ў асобную палату.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.