У Полацку знайшлі пячатку ХII ст. Еўфрасінні Полацкай

У Полацку на раскопках Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра знайшлі старадаўнюю актавую пячатку Еўфрасінні Полацкай. Адбылося гэта напярэдадні святкавання Дня горада Полацка і Дня памяці Еўфрасінні Полацкай, які будзе адзначацца 5 чэрвеня. БЕЛТА адзначае, што ў раскопках удзельнічалі беларускія і расійскія навукоўцы. Яны і знайшлі ўнікальны артэфакт.

Спецыялісты кажуць, што знаходка пацвярджае, што манастыр у ХII стагоддзі быў не толькі буйным духоўным і культурным, але і грамадска-палітычным цэнтрам, дзе актыўна вялася перапіска. А Еўфрасіння Полацкая замацоўвала дакументы сваёй пячаткай.

Прэзентацыя артэфакта адбудзецца ў Мастацкай галерэі Полацка 4 чэрвеня а 10-й гадзіне. Пячатка будзе экспанавацца там цягам 4 дзён (4, 5, 6, 7 чэрвеня).

Еўфрасіння Полацкая (1104 — 1167) — славутая беларуская асветніца, манахіня і ігумення праваслаўнага манастыра. Руская праваслаўная царква прылічыла яе да ліку святых. Дагэтуль працягваюцца пошукі крыжа Еўфрасінні Полацкай, які на яе замову зрабіў Лазар Богша.  

Фота: polotsk.museum.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі