У Польшчы выпусцілі манету, прысвечаную абароне мяжы з Беларуссю
Польскі Нацбанк выпусціў калекцыйную манету, прысвечаную абароне мяжы з Беларуссю ў 2021 годзе.
Гэта срэбраная манета вартасцю 10 злотых. Яе выпусцілі накладам 10 тысяч штук. Як паведамляе прэс-служба банка, прадаецца яна з 27 студзеня і каштуе 160 злотых.
На рэверсе манеты паказаныя профілі супрацоўнікаў памежнай аховы і паліцыі, салдат Войска Польскага, а таксама выява верталёта памежнай аховы на фоне контуру Польшчы. На аверсе — выява польскай памежнай заставы.
На працягу амаль усяго другога паўгоддзя 2021-га польскія сілавікі змагаліся з наплывам нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. На Захадзе назвалі гэта гібрыднай агрэсіяй з боку Беларусі і заявілі, што патокі нелегальнай міграцыі арганізаваныя з дапамогай беларускіх уладаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.