У Польшчы знялі серыял пра крызіс на мяжы з удзелам вядомага беларускага акцёра

Кадр з серыяла "Перашыек"

Кадр з серыяла "Перашыек" / Warner Bros. Discovery

Польскія кінематаграфісты знялі для амерыканскай стрымінг-платформы MAX шпіёнскі серыял “Перашыек”, прысвечаны сучаснай палітыцы. І ў ім грае беларускі акцёр Алег Гарбуз. На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал “Свяшчэнны Белавуд”.

Шоу раскажа гісторыю Евы Агініц (яе грае Лена Гура), якая пасля асабістай трагедыі імкнецца пакінуць сваю працу ў разведцы і пачаць спакойнае жыццё. Аднак сітуацыя ўскладняецца тым, што яе партнёра, агента Скінэра (Караль Почэч), раскрываюць расійскія спецслужбы, пасля чаго ён бясследна знікае. 

Стваральнікі сцвярджаюць, што “серыял занурае гледача ў сучасны свет шпіёнскіх гульняў на фоне росту міжнародных канфліктаў, дзе, нягледзячы на ўсе спробы, агент ніколі не зможа цалкам адмовіцца ад службы”.

Дзеянне разгортваецца вясной 2021 года на фоне абвастрэння крызісу на польска-беларускай мяжы. Cерыял "Перашыек" пакажуць гледачам у пачатку 2025 года.

У Польшчы знялі серыял пра крызіс на мяжы з удзелам вядомага беларускага акцёра

Адну з роляў у серыяле сыграў тэатральны і кінаакцёр Алег Гарбуз, які да эміграцыі працаваў у Купалаўскім тэатры. Таксама ў праекце грае Аляксандр Гарцуеў і іншыя акторы, але яны не згаданы ў прэс-релізе праекта.

Дарэчы, гэта ўжо не першая заўважная роля Гарбуза пасля эміграцыі. Акцёра можна пабачыць у драме “Пад шэрым небам” Мары Тамковіч, у серыяле "Працэсы" тэлеканала "Белсат", у ютуб-фільме "Лес", фантастыцы "Дзяўчына астранаўта" на платформе Netflix. Таксама можна пачуць голас актора ў стужцы “Зялёная мяжа” Агнешкі Холанд.

Акрамя таго акцёр займаецца агучкай кніг на беларускую мову і грае ў пастаноўцы “Зэкамерон” паводле аднайменнай кнігі палітвязня Максіма Знака.

Пра гэты праект сумесна з акцёрам Сяргеем Чубам артыст расказвае Еўрарадыё ў свежым стрыме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі