У пракуратуры расказалі пра праблемы з пітной вадой у Гомельскім раёне
Кантроль паказчыкаў бяспекі пітной вады не ажыццяўляўся
У пракуратуры расказалі пра праблемы з пітной вадой у Гомельскім раёне. Высвятляецца, што ў 104 населеных пунктах няма цэнтралізаванага водазабеспячэння. Практычна адзіная крыніца вады для іх жыхароў — студні. Частка з іх "знаходзілася ў запушчаным стане", абслугоўванне і рамонт праводзіліся "толькі па ўказанні кантралюючых органаў альбо зваротах грамадзян". Па выніках лабараторных даследаванняў перавышэнне нітратаў выяўлена ў пробах вады грамадскіх калодзежаў у населеных пунктах Цыкуны, Сцяг Працы, Калінаўка і Целяшы.
Праблемы выявіліся і з цэнтралізаваным водазабеспячэннем. На водазаборнай станцыі, якая знаходзіцца на балансе агракамбіната "Паўднёвы", памяшканне пункта аўтаматыкі кіравання помпай "у парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў не ўтрымлівалася ў чысціні". Падчас праверкі цэнтралізаванай сістэмы пітнога водазабеспячэння, якая знаходзіцца на балансе прадпрыемства "Урыцкае", якая забяспечвае жыхароў аграгарадкоў Урыцкае і Старая Беліца, выявілі некалькі парушэнняў. Напрыклад, каля артэзіянскіх свідравін ляжала смецце. Ну і галоўнае — кантроль паказчыкаў бяспекі пітной вады ў абодвух выпадках не ажыццяўляўся. А праблемы з якасцю вады там ёсць.
Пракуратура запатрабавала ад Гомельскага райвыкакама "распрацаваць комплекс мер для забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой, а таксама прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых у дапушчаных парушэннях".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.