У Расіі больш за 45% нелегальнага абароту складаюць цыгарэты з Беларусі

Тоны кантрабандных цыгарэт з РБ, перахопленыя ў 2023-м у Расіі

Тоны кантрабандных цыгарэт з РБ, перахопленыя ў 2023-м у Расіі / ctu.customs.gov.ru

У Расіі больш за 45% нелегальнага абароту складаюць цыгарэты з Беларусі. У РФ паступае каля 600 мільёнаў пачкаў "з дапамогай фіктыўных транзітных перавозак". Шкода, нанесеная бюджэту з-за такіх схем, ацэньваецца ў 58,5 млрд рублёў (амаль $600 млн) штогод. Пра гэта паведаміў ТАСС прэзідэнт Асацыяцыі малафарматнага гандлю Уладлен Максімаў.

Мяркуецца, што больш за 90% транзітных перавозак цыгарэт з Беларусі з'яўляюцца фіктыўнымі — замест дастаўкі ў іншыя краіны іх разгружаюць і рэалізуюць у Расіі. Расіяне спрабуюць вырашыць гэтую праблему. З 27 студзеня пачалі дзейнічаць патрабаванні па абавязковым выкарыстанні навігацыйных пломбаў для перавозак тытунёвай прадукцыі паміж Беларуссю і РФ. Новаўвядзенне дазваляе адсочваць дакладнае месцазнаходжанне партый цыгарэт, фіксаваць спробы ўскрыцця грузу або змены маршруту.

У Расіі спадзяюцца, што гэта спыніць "крымінальную карусель", якая выкарыстоўваецца для абыходу акцызных плацяжоў і наносіць каласальную шкоду расійскай эканоміцы. Адпаведна можа быць значна скарочаны аб'ём незаконнага рынку тытунёвай прадукцыі, адзначае інфармагенцтва.

У 2022-м меркавалася, што 92% незаконнага абароту цыгарэт у Расіі прыпадала на беларускую прадукцыю. Расіяне затрымлівалі грузы на мільёны долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.